Георгій Калдун: «Сумневы — гэта нармальна»

Інтэлектуальнае шоу для школьнікаў «Я знаю» на тэлеканале «Беларусь 1» глядзяць не толькі патэнцыйныя ўдзельнікі, але і тыя, хто даўно скончыў школу. Гэта адбываецца ў многім дзякуючы Георгію Калдуну, які не проста задае пытанні, але разумее і падтрымлівае ўдзельнікаў і разраджае атмасферу трапнымі жартамі. І хоць трэці сезон шоу скончыўся, мы ўсе вельмі чакаем наступны. І пакуль чакаем, паразмаўлялі з Георгіем пра…

Георгій Калдун — музыка, вядучы, актор. Мае два музычныя альбомы — «Фрагменты» (2008) і «Стереорай» (2014). Вядзе інтэлектуальнае шоў «Я знаю» на тэлеканале «Беларусь 1». Георгій — лаўрэат мноства музычных конкурсаў. У мінулым годзе стаў суперфіналістам шоу «Х-фактор» (Украіна).

Пра праект «Я знаю»

Праект «Я знаю» прывабіў мяне двума момантамі. Першы — магчымасць працаваць на тэлебачанні і займацца інтэлектуальна-забаўляльным фарматам. Гэта ў нейкай ступені элітная сфера, бо трэба адпавядаць узроўню інтэлектуальнага праекта, падтрымліваць размову з разумнымі людзьмі. Мне гэта падыходзіла з пункту гледжання і фармата, і ўласнага развіцця. Другі момант — гэта праца з дзецьмі і падлеткамі. Магчыма, так адбіваецца тое, што я вырас у сям’і настаўнікаў. З гэтай жа прычыны я больш як дзесяць гадоў езджу ў летнік працаваць хаця б на адну змену.

Я думаю, праект цікавіць тых, хто хоча развівацца і даведвацца нешта новае. Гэта не тая перадача, у якой удзельнічаюць з мэтай проста патрапіць на тэлебачанне, паказацца дурнем і сысці пад ціхія смяшкі сваіх аднакласнікаў. Да таго ж, калі дарослыя могуць паўдзельнічаць у вялікай колькасці квізаў, то дзеці не могуць пайсці ўвечары ў рэстаран з кампаніяй сяброў, каб пагуляць у гэтыя гульні.

Падлеткі — вельмі розныя людзі. І трэба быць акуратнымі, бо гэта непрадказальная аўдыторыя, у кожнага свае думкі, свае комплексы, і гэта нармальна. Гульня — стрэсавая сітуацыя, і часам цяжка вывесці некаторых удзельнікаў на дыялог. Па-за камерай мы размаўляем з імі, настройваем на тое, што мы на іх баку, што ў нас няма задачы выявіць іх слабыя месцы. Наша мэта не толькі даведацца, што ў іх галаве ёсць са школьнай праграмы. Яшчэ мы хочам паказаць, што яны ўмеюць размаўляць, разважаць, стасавацца, карыстацца той інфармацыяй, якую маюць, што яны чымсьці цікавяцца, што могуць прыйсці да правільнага адказу праз лагічныя ланцужкі.

Канешне, мы кажам і пра тое, што ўсё ведаць немагчыма і непатрэбна. Ёсць пытанні, на якія адказаў не ведаюць ні яны, ні іх настаўнікі, і ўвогуле мала хто ведае, але мы лічым гэта цікавай інфармацыяй і хочам з імі падзяліцца. Таму ў перадачы ёсць яшчэ і адукацыйная задача: удзельнікі дзеляцца тым, што ведаюць, а мы рыхтуем такія пытанні, на якія цікава даведацца адказ. Наша задача — стварыць утульную атмасферу, вывесці на спакойныя чалавечыя стасункі, а не зладзіць іспыт па прадмеце.

Я разумею, што падлеткі малодшыя за мяне, але размаўляю з імі як з дарослымі людзьмі. З імі нельга паводзіцца паблажліва, бо я працую з досыць эрудзіраванымі ўдзельнікамі, якія часта здзіўляюць тым, колькі ведаў у іх у галаве, як яны ўмеюць разважаць, якое ў іх прыгожае і правільнае маўленне.

Пра крытыку і ўпэўненасць

Трэба разумець, хто цябе крытыкуе. Што гэта за чалавек, што ён рэальна разумее пра тое, што кажа, акрамя таго, што, яму здаецца, што ён разумее. Што ён асабіста можа зрабіць з таго, пра што кажа? Ці ёсць у яго выразныя аргументы? Калі вам кажуць: «гэта жудасна, не патрапіў ні ў адну ноту» ці «я так у трэцім класе маляваў» — гэта не канструктыўная крытыка. Вядома, гэта непрыемна, але ёсць людзі, якія так жывуць: не могуць, калі штосьці не падабаецца, ціхенька пасмяяцца сабе ў далонь і прайсці міма. Мне здаецца, гэта ненармальна. Прафесійныя і шчаслівыя людзі не будуць дазваляць сабе абражаць іншых людзей, асабліва калі ў іх не пытаюцца, што яны думаюць. Канструктыўная крытыка — калі цябе не абражаюць, а кажуць пра недахопы з прафесійнага пункту гледжання. Трэба вучыцца адрозніваць «гэта кепска, таму што мне гэта не падабаецца» ад «ёсць над чым папрацаваць, таму што тут у вас недахопы».

Кропка апірышча ў творчасці — людзі, якія ў гэты момант табе апладзіруюць, твая мэтавая аўдыторыя, калі ты разумееш, на каго разлічваеш. Кожны сам сабе выбірае тую аўдыторыю, у якую ён хоча трапіць. Тое, што ты робіш, што падабаецца слухачам, не павінна супярэчыць тваім прынцыпам. Калі ты робіш штосьці, і гэта добра ацэньваюць людзі, чый густ ты паважаеш, і сам ад гэтага атрымліваеш задавальненне — гэта здорава. Калі гэта падабаецца яшчэ іншым людзям з іншымі густамі — гэта звышзадача і звышзадавальненне.

Мне здаецца, многія творчыя людзі досыць ранімыя і часта сумняваюцца ў сабе і ў тым, што робяць. Бо ўва ўсіх розныя густы, ты ацэньваеш сябе суб’ектыўна, не бачыш сябе збоку. Адна справа — калі ты тлумачыш штосьці іншаму, а іншая — калі спрабуеш патлумачыць сабе. Ты быццам бы мозгам разумееш, што сумневы — гэта нармальна, але часам іх бывае зашмат. Важна, каб побач былі блізкія, сябры, якія не проста цябе па галаве пагладзяць «ну нічога, не перажывай», а скажуць: «вось тут і тут было здорава, а тут — ну, з кожным бывае». Слухаць меркаванні збоку — трэба. Ты павінен разумець, калі ты сапраўды зрабіў добра, а калі быў не ў лепшай форме.

Інтэрв’ю цалкам — у чэрвеньскім нумары часопіса «Бярозка»

Фота з архіва Георгія Калдуна

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *